Перайсці да змесціва

Заяві сваю ідэю на Эдзьютон грамадзянскай адукацыі

Заяві сваю ідэю на Эдзьютон грамадзянскай адукацыі

Хочаш змяніць жыццё ў сваёй супольнасці да лепшага? Хочаш, каб людзі вакол цябе былі б больш актыўнымі, а грамадства – больш адкрытым і дэмакратычным?

Заяўляй сваю ідэю на конкурс лепшых ідэй для грамадзянскай адукацыі і дапрацуй яе з дапамогай каманды крутых міжнародных экспертаў падчас Эдзьютона, які адбудзецца ў Варшаве 5-7 верасня!

Увага! Лепшыя праекты атрымаюць фінансавую падтрымку!

Заяўкі на конкурс прымаюцца да 25 ліпеня. Падаваць іх могуць прадстаўнікі беларускай і украінскай супольнасцяў у Польшчы і Літве.

Што такое Эдзьютон? 

Эдзьютон — гэта фармат адукацыйнага мерапрыемства, накіраванага на дапрацоўку канцэпцый праектных ідэй, якія заявілі ўдзельнікі. Мэтай Эдзьютона з’яўляецца выяўленне і падтрымка лепшых ідэй, накіраваных на прасоўванне грамадзянскай адукацыі і дэмакратычных каштоўнасцей.

Як будзе выглядаць Эдзьютон? 

Удзел у Эдзьютоне возьмуць па 10 адабраных на конкурснай аснове каманд (2 чалавекі ў кожнай камандзе), якія заявяць ідэі адукацыйных, інфармацыйных, культурных і іншых праектаў у сферы грамадзянскай адукацыі.

Ваша каманда можа складацца з актывістаў НГА і мясцовых супольнасцяў, настаўнікаў, студэнтаў, артыстаў і іншых асоб, якія хацелі б зрабіць свой унёсак у прасоўванне грамадзянскай адукацыі і дэмакратыі ў сваіх супольнасцях.

Падчас Эдзьютона вас чакаюць дыскусія пра выклікі для грамадзянскай адукацыі ў рэгіёне, майстар-класы ад міжнароднай каманды экспертаў па тэмах, звязаных з распрацоўкай і прасоўваннем праектных ідэй, планаваннем мерапрыемстваў і г.д.

Вы сустрэнеце вялікую колькасць цікавых людзей і завядзеце карысныя знаёмствы. Па выніках Эдзьютона будуць вызначаны па 3 пераможцы, якія атрымаюць фінансавую падтрымку для рэалізацыі запланаваных мерапрыемстваў у сваіх супольнасцях (верасень-кастрычнік, 2024).

Якія ідэі і фарматы можна заяўляць на Эдзьютон? 

Арганізатары не абмяжоўваюць у фарматах вашых мерапрыемстваў.

Вы можаце прапаноўваць на конкурс ідэі па правядзенні трэнінгаў, кінапаказаў, арт-акцый, квізаў, дыскусій і г.д.

Галоўнае, каб ваша ідэя ясна дэманстравала ўнёсак у прасоўванне грамадзянскай адукацыі і дэмакратыі ў вашай супольнасці.

Вашы ідэі могуць быць накіраваны на:

  • павелічэнне колькасці людзей (у тым ліку моладзі, жанчын і сацыяльна ўразлівых груп насельніцтва), якія актыўна ўдзельнічаюць у жыцці сваіх супольнасцяў)
  • паляпшэнне інфармаванасці людзей пра магчымасці ўдзелу ў жыцці грамадства
  • прыцягненне ўвагі беларускага грамадства да важных для яго развіцця пытанняў
  • прасоўванне дэмакратычных каштоўнасцей (правы чалавека, справядлівасць, роўнасць, вяршэнства закона і інш.)
  • падтрымка і ўзмацненне нізавых грамадзянскіх ініцыятыў
  • развіццё медыяграматнасці і супрацьдзеянне прапагандзе і фэйкам
  • пашырэнне доступу да грамадзянскай адукацыі
  • супрацоўніцтва паміж мясцовымі дэмакратычнымі арганізацыямі і ініцыятывамі.

Прыярытэтам пры адборы будуць карыстацца нестандартныя і інавацыйныя ідэі, якія прадугледжваюць заангажаванне моладзі і іншых мэтавых груп, шырокую інфармаванасць пра ход і вынікі запланаваных мерапрыемстваў, а таксама магчымасць мультыплікацыі прапанаванай дзейнасці.

Як заявіцца на Эдзьютон?

 Запоўніце да 25 ліпеня гэтую заяўку, дадаўшы да яе кароткае апісанне сваёй ідэі.

Да 31 ліпеня вы атрымаеце інфармацыю пра вынікі адбору.

Звярніце ўвагу, што ў склад каманды, якая заяўляе праект, павінны ўваходзіць мінімум два чалавекі.

Калі ваша праектная ідэя пройдзе конкурсны адбор, то ваша каманда ў складзе двух чалавек будзе запрошана на Эдзьютон і атрымае кампенсацыю за праезд, харчаванне і пражыванне падчас мерапрыемства.

Індывідуальны ўдзел у Эдзьютоне будзе выключаны і таму адразу шукайце надзейных аднадумцаў, якія будуць разам з вамі ад моманту падрыхтоўкі апісання ідэі да рэалізацыі праекта ў выпадку яго перамогі падчас Эдзьютона.

EENCE-Эдзьютон-2024 арганізаваны Усходне-Еўрапейскай Асацыяцыяй грамадзянскай адукацыі пры падтрымцы Федэральнага агенцтва па грамадзянскай адукацыі (bpb) за кошт сродкаў Міністэрства замежных спраў Германіі ў межах Праграмы пашырэння супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю ў краінах Усходняга Партнёрства.

У Польшчы Эдзьютон праводзіць “Fundacja Międzynarodowy Ruch Latających Plecaczków / Flying Bag”.

Калі ў вас ёсць пытанні – пішыце па адрасе s.sukhoboychenko@flyingbag.org.

Пазнакі: