Эксперты IFAE правядуць у кастрычніку ў Вроцлаве трэнінг для адукатараў з Аўстрыі, Італіі, Партугаліі, Польшчы і Турцыі, якія займаюцца медыяадукацыяй сталых людзей. А напярэдадні трэнінга партнёры па гэтым праекце правялі даследаванне, скіраванае на вызначэнне патрэбаў і асаблівасцей навучання сталых людзей, а таксама профіля медыяадукатараў.
Удзел у даследаванні бралі настаўнікі, выкладчыкі, трэнеры нефармальнай адукацыі, якія ўжо займаюцца навучаннем сталых людзей.
Пераказваем у скарочаным выглядзе асноўныя высновы, зробленыя па выніках даследавання.
Кампетэнцыі медыяадукатараў
Галоўная роля медыяадукатара для сталых людзей – быць ментарам, фасілітатарам і падтрымкай для сталых людей. Добры медыяадукатар, які працуе са сталымі людзьмі, павінен:
- Мець пазітыўнае стаўленне да сталых людзей
- Ведаць розныя стылі навучання
- Улічваць індывідуальныя перавагі і слабыя бакі сталых людзей (напрыклад, улічваць магчымыя праблемы са здароўем)
- Умець заахвочваць сталых людзей да навучання
- Умець ствараць пазітыўную атмасферу ў час навучання
- Мець лічбавыя кампетэнцыі
- Умець аналізаваць кантэнт і патрэбы навучэнцаў
- Выкарыстоўваць прыклады, звязаныя з асабістым досведам навучэнцаў.
Што важна ўлічваць пры планаванні і правядзенні заняткаў па медыяпісьменнасці для сталых людзей?
- Забяспечце ясную і дабразычлівую камунікацыю
- Зрабіце навучанне практычна арыентаваным
- Найлепшая працягласць заняткаў: 45 хвілін – 1 гадзіна
- Выкарыстоўвайце як індывідуальныя, так і групавыя метады працы
- Дапамагайце навучэнцам засвоіць базавыя лічбавыя інструманты для працы з інфармацыяй
- Улічвайце тое, што сталыя людзі прызвычаеныя працаваць з папяровымі носьбітамі інфармацыі
- Плануйце свае заняткі і навучальныя матэрыялы з улікам спецыяльных патрэб сталых людзей (магчымых праблем са зрокам, слыхам, канцэнтрацыяй)
- Помніце пра магчымыя псіхалагічныя бар’еры перад лічбавымі тэхналогіямі
- Не лянуйцеся тлумачыць тэрміналогію, якая можа быць незразумелай сталым людзям
- У працэсе навучання медыяпісьменасці рабіце фокус на пошуку і апрацоўцы інфармацыі, разуменні мэтаў медыя, фэйкавых навінах, грамадзянскай журналістыцы
- Навучайце спосабам праверкі фактаў, крытычнаму мысленню, аналізу мясцовага медыякантэнту, выяўлення механізмаў маніпуляцыі і дэзінфармацыі.
Гэтыя і многія іншыя рэкамендацыі будуць прадстаўленыя ўдзельнікам трэнінга ў Вроцлаве, а таксама выкарыстаныя пры падрыхтоўцы дапаможніка для медыяадукатараў і навучальнай платформы па медыяадукацыі для сталых людзей.
Акрамя гэтага, удзельнікі трэнінга ў Вроцлаве правядуць некалькі пілотных трэнінгаў па медыяадукацыі ў сваіх краінах.
Праект “BonJour! Enhancing the Critical Media Literacy of the Elderly through Digital Education and Journalism” падтрыманы ў межах праграмы Erasmus+ INDIRE і рэалізуецца арганізацыяй EduVita (Італія) у партнёрстве з Fundacja Pro Scientia (Польшча), Nazilli Nazhayat (Турцыя), My Madeira Island (Партугалія), EBI (Аўстрыя), а таксама Міжнародным фондам развіцця адукацыі дарослых (IFAE).