Як распрацаваць цікавыя заняткі па медыяпісьменнасці? Якія асаблівасці навучання сталых людзей трэба ўлічваць? З якіх частак павінны складацца інтэрактыўныя заняткі? Эксперты IFAE правялі 21-23 кастрычніка ў Вроцлаве трэнінг для трэнераў па медыяпісьменнасці, удзел у якім бралі адукатары і эксперты з Аўстрыі, Італіі, Партугаліі, Польшчы і Турцыі.
Удзельнікі трэнінга, які праводзілі Вітаўт і Лана Руднікі, абмяркоўвалі прынцыпы навучання дарослых і дзяліліся парадамі пра спецыфіку навучання сталых людзей, вучыліся планаваць мэты і змест заняткаў па медыяпісьменнасці, абіраць метады навучання.
Разынкай трэнінга стала правядзенне і абмеркаванне чатырох заняткаў, якія былі распрацаваныя непасрэдна ў час сустрэчы.
У хуткім часе атрыманыя на трэнінгу веды і ўменні будуць выкарыстаныя для падрыхтоўкі адукатараў па медыяпісьменнасці ў названых вышэй краінах.
Наперадзе ў каманды праекта BonJour яшчэ шмат важных відаў дзейнасці. Сярод іх – стварэнне навучальнай онлайн платформы, правядзенне цыклу трэнінгаў па медыяпісьменнасці для сталых людзей, Фестываль медыяпісьменнасці ў Партугаліі і інш.
Праект “BonJour! Enhancing the Critical Media Literacy of the Elderly through Digital Education and Journalism” падтрыманы ў межах праграмы Erasmus+ INDIRE і рэалізуецца арганізацыяй EduVita (Італія) у партнёрстве з Fundacja Pro Scientia (Польшча), Nazilli Nazhayat (Турцыя), My Madeira Island (Партугалія), EBI (Аўстрыя), а таксама Міжнародным фондам развіцця адукацыі дарослых (IFAE).