Навучыцца канцэптуалізаваць свае ідэі і праекты ад А да Я, працаваць з мэтавымі групамі, пераадолець “сіндром самазванкі” і павысіць упэўненасць у сабе. Усё гэта змогуць удзельніцы Акселератара для беларусак, які распачне сваю працу 28 лістапада пад Варшавай.
Заяўкі на ўдзел у Акселератары падалі каля 50 жанчын, якія плануюць рэалізаваць самыя разнастайныя праекты: культура і адукацыя, медыя і творчасць, сацыяльная дапамога і вясковы бізнес ды шмат чаго іншага.
Па выніках адбору 20 удзельніц ужо ў хуткім часе з дапамогай каманды Акселератара з могуць удасканаліць свае задумы.
Удзельніц Акселератара чакае разбор розных бізнес-мадэляў, навучанне планаванню выдаткаў, асновам стварэння асабістага брэнда і яго выкарыстання для прасоўвання праектаў.
Увага будзе таксама нададзеная выкарыстанню ў праектах прынцыпаў устойлівага развіцця (“Planet, People, Profit”), правілаў эфектыўнай працы ў невялікай камандзе і выбару аптымальнай юрыдычнай формы для рэалізацыі сваіх ідэй.
Акрамя гэтага ўдзельніцы Акселератару змогуць скарыстацца індывідуальнай падтрымкай з боку каманды экспертак, а таксама змогуць пратэсціраваць свае ідэі адна на адной.
Падрабязней пазнаёміцца з эксперткамі і арганізатаркай ByWomen Accelerator можна ў нашых сцыяльных сетках.
Арганізатарам Акселератара з’яўляецца Міжнародны фонд развіцця адукацыі дарослых (Польшча), заснаваны людзьмі з вялікім досведам грамадска-карыснай працы ў Беларусі.
Гэты праект здзяйсняецца пры падтрымцы Амбасады Канады ў Польшчы праз Канадскі фонд мясцовых ініцыятыў.