
Падтрымаць жанчын-эмігрантак і дапамагчы ім распрацаваць ідэі сваіх праектаў – такую мэту меў першы Акселератар для беларусак, якія зараз жывуць у Польшчы. Распавядаем пра тое, што адбывалася ў час Акселератара і што чакае яго ўдзельніц далей.
Заяўкі на ўдзел у Акселератары падалі больш за 50 жанчын і дзяўчат, якія заявілі самыя розныя ідэі. Гэта і стварэнне прыватных школаў, і розных формы працы з падлеткамі, культурніцкія і гістарычныя ініцыятывы, клубы для жанчын-прадпрыймальніц і жанчын са сферы ІТ, развіццё сельскага турызму і стварэнне ўласнага бізнесу і г.д.
На першую ў межах праекта сустрэчу пад Варшавай, якая адбывалася з 28 лістапада да 1 снежня, прыехалі 20 беларусак з Варшавы, Беластоку, Вроцлава, Гданьска, Познані, Коніна ды іншых мясцовасцяў.
Такімі словамі адкрыла Акселератар яго ініцыятарка, кіраўніца Міжнароднага фонда развіцця адукацыі дарослых (IFAE) Лана Руднік.

Вы значна мацнейшыя, чым вы думаеце! Якія б сітуацыі не здараліся – вы знойдзеце сілы ў сабе альбо знойдзеце сілы, каб папрасіць аб падтрымцы. Галоўнае – верыць. Верыць у тое, што вы робіце і верыць у сябе. Мы хочам дапамагчы ўбачыць ваш патэнцыял, мы хочам трошачку падштурхнуць вас да дзеянняў. Я буду вельмі шчаслівая, калі мы здолеем дапамагчы вам рэалізаваць свае ідэі і знайсці тут бяспечнае і падтрымліваючае асяроддзе.
Лана Руднік
Удзельніц Акселератара таксама вітаў прадстаўнік Амбасады Канады ў Польшчы Андрэ Гіёнэ.

Ён, у прыватнасці, адзначыў:
Нягледзячы на тое, што заяўленыя на Акселератар ідэі — вашы індывідуальныя праекты, мы разумеем, якое станоўчае ўздзеянне яны могуць аказаць на вашыя мясцовыя супольнасці. Вы паказваеце, што з’яўляецеся не толькі лідарамі заўтрашняга дня, але і лідарамі сённяшняга!
Я мару!
Так называўся блок кароткай прэзентацыі заяўленых праектаў, з якога пачалася змястоўная частка Акселератара.

Удзельніцы распавядалі пра тое, што яны хочуць зрабіць, хто атрымае карысць ад рэалізацыі іх праектаў, якая патрэбная дапамога. Ужо на гэтым этапе сфармавалася атмасфера целыні і ўзаемападтрымкі, якая захавалася да канца мерапрыемства.

Удзельніцы не шкадавалі адна адной словаў падтрымкі, дзяліліся парадамі ды карыснымі кантактамі.
Планаванне праекта ад А да Я
Зразумець, якія патрэбы ляжаць у аснове праекта, якія яго мэты і мэтавыя групы, спланаваць ключавыя мерапрыемствы – з гэтым удзельніцам Акселератара дапамагала разбірацца дасведчаная беларуская экспертка, стваральніца вялікай колькасці праектаў (у тым ліку для жанчын) Святлана Зінкевіч.

Вось некалькі ключавых парадаў, якімі падзялілася Святлана:
- Добра прааналізуйце, якую сітуацыю вы хочаце змяніць, якую асноўную праблему вырашае ваш праект,каго яна закранае, якія дадзеныя даказваюць існаванне гэтай праблемы і чаму менавіта вы можаце яе вырашыць.
- Сфармулюйце, хто канкрэтна атрымае карысць ад праекта.
- Вызначцеся з мэтай праекта і яго чакаемымі вынікамі. Помніце, што добра сфармуляваная мэта паказвае канкрэтнае змяненне ў паводзінах мэтавай групы або ў сітуацыі, у якой знаходзіцца мэтавая група.
- Стварыце рэалістычны план мерапрыемстваў.
- Прааналізуйце неабходныя рэсурсы (што ужо вы маеце самі, што можна папрасіць у партнёраў альбо донараў).
Не самазванка!
Чаму жанчыны часцей за мужчын няўпэўненыя ў сабе і што дапамагае “адключыць” самазамоўчванне, стаць больш упэўненай у сваіх ідэях і сілах.
Сваімі меркаваннямі і парадамі на гэты конт з удзельніцамі Акселератара дзялілася Марына Ментусава – гендэрная даследчыца, заснавальніца і CEO кансалтынгавай кампаніі «Gender Equality Management», заснавальніца стартапа Safe Skills, са-аўтарка Сучаснай Энцыклапедыі для дзяўчынак, калумністка (Forbes Woman, Каса, НЭН), вядучая шоў «Жанчыны Цяжкіх паводзін».

Як адзначыла Марына, нават знакамітыя і вядомыя жанчыны ў сваім жыцці часта не ўсведамлялі ўласнай вартасці, не верылі ў свае сілы, здольнасці і таленты.
СІНДРОМ САМАЗВАНЦА — гэта псіхалагічны стан, які суправаджаецца пачуццём няўпэўненасці і ўзнікае з-за няздольнасці прызнаць свае поспехі і прыпісаць сабе ўласныя заслугі. Чалавек у такой сітуацыі адчувае сябе нібыта шарлатанам, падман якога вось-вось будзе раскрыты.
Полін Роўз Кланс
Удзельніцы Акселератара прайшлі хуткі тэкст, каб зразумець, да якога тыпу “самазванак” яны могуць належаць.

Як адзначыла экспертка, вымушаная рэлакацыя/эміграцыя з’яўляецца адной з прычын развіцця/умацавання сіндрома самазванкі.
Глядзіце перамок базавых стратэгій пераадолення сіндрома самазванкі ад Марыны Ментусавай:
- Шчыра ацаніце сябе, зразумейце, што і дзе сапраўды можна палепшыць.
- Вы не павінны ведаць абсалютна ўсё, каб быць сапраўдным прафесіяналам.
- Запытайце зваротную сувязь (рабіце гэта рэгулярна).
- Прымайце дапамогу і прасіце падтрымку.
- Перастаньце параўноўваць сябе з іншымі.
- Хопіць недаацэньваць іншых людзей.
- Прызнайце ўласную прадузятасць.
Як выбраць бізнес-мадэль для сваёй ідэі
Пралічыць выдаткі, патрэбныя для пачатку ўласнай справы, не наступіць на граблі пры вызначэнні мадэлі вядзення бізнесу, прааналізаваць магчымасці для манетызацыі сваёй ідэй – з гэтым удзельніцам Акселератара дапамагала Крысціна Вітушка.

У яе актыве – больш як 25 гадовы досвед кіравання маркетынгам у міжнародных кампаніях, міжнародныя ўзнагароды за стварэнне найлепшых бізнес-прадуктаў і рэалізацыю паспяховых камерцыйных праектаў, досвед запуску бізнес-праектаў на чатырох кантынентах.
Разам з Крысцінай удзельніцы разбіраліся, як скласці каштоўнасную прапанову, дзе і як камунікаваць з кліентамі, за што тыя рэальна будуць гатовыя плаціць і што трэба, каб прадукт быў створаны і выведзены на рынак, каб каб кліент ацаніў каштоўнасць і бізнэс атрымаў прыбытак.
Крысціна распавяла таксама пра розныя бізнес-мадэлі, якія можна выкарыстаць для вядзення сваёй справы.

Як працаваць з асабістым брэндам
Тут сваімі парадамі дзялілася Жэня Сугак – журналістка, рэдактарка, аўтарка і вядучая некалькіх грамадска-палітычных праектаў. Разам з Жэняй удзельніцы абмяркоўвалі, як працаваць з асабістым брэндам і хэйтам, а таксама як прасоўваць свой праект праз асабісты брэнд.

На думку эксперткі, добра пабудаваны персанальны брэнд дае пералічаныя ніжэй эфекты:

А вось і некалькі парадаў ад Жэні тым, хто дбае пра свой імідж:
- Выходзьце ў свет.
- Рабіце тое, што працуе на ваш імідж.
- Не бойцеся хейта.
- “Падсвечвайце” свае моцныя бакі.
- Не прымушайце сябе і атрымлівайце задавальненне.
А што вы ведаеце пра Тэорыю трох Р?
People + Planet + Profit. Пра важнасць гэтых трох фактараў пры рэалізацыі праектаў распавядала Марына Ментусава.
Яна звярнула ўвагу на тое, што жанчыны здольныя дасягаць экнамічных поспехах не горш, а часта і лепш за мужчын, падмацаваўшы свае словы вынікамі даследаванняў.

Разынкай прэзентацыі стала таксама прапанаваная эксперткай формула поспеху.

Як рабіць невялікай камандай вялікія праекты
Гэтай тэме быў прысвечаны майстар-клас ад Аліны Мазавец – фатографкай, рэжысёркай YouTube праектаў, галоўнай рэдактаркай і сузаснавальніцай буйнога медыя пра беларускую музыку КЛІК.

Выступ Аліны быў сфакусаваны на тым, як развіваць медыйную пазнавальнасць праектаў і як працаваць з камандай.
Як сабраць каманду мары, дзе шукаць людзей у каманду і як іх матываваць на працу, як пераадольваць крызісныя этапы – гэта толькі невялікая частка пытанняў, якія абмярковаліся ў час гэтага блока праграмы Акселератара.
Важна, каб у самым пачатку побач з вамі апынуўся чалавек, які верыць у праект не менш, чым вы, які гатовы развіваць як ідэю, так і сябе, і які зможа ўтрымаць праект у штормавыя часы. А hard skills будуць паступова развівацца.
Аліна Мазавец
А вось што Аліна раіць пісаць у абвестках, калі вы шукаеце людзей у каманду:
- ці з’яўляецца праект камерцыйным, ці пакуль яшчэ не (гэта нармальна!);
- чаканні ад кандыдата(к);
- тэставае заданне або іншыя празрыстыя ўмовы адбору;
- што вы можаце прапанаваць. Паспрабуйце прыдумаць нешта больш прывабнае, чым проста «праца ў класным калектыве!».
Як выбраць форму ўласнасці/арганізацыі, якая найлепш падыйдзе для рэалізацыі сваіх ідэй
Разабрацца з гэтымі нюансамі дапамагала Вольга Сцяпанава — заснавальніца і кіраўніца Фундацыі Захад Усход Падтрымка (Fundacja Zachód Wschód Wsparcie), кіраўніца прыватнай фірмы.

Вольга добра ведае польскую бухгалтэрыю і асновы прадпрымальніцтва ў Польшчы і ў час Акселератара даапамагла многім удзельніцам адказаць на пытанні як рэалізаваць свае ідэі, якая форма ўласнасці для гэтага падыйдзе.
Экспертка таксама распавяла пра нюансы рэгістрацыі і падаткаабкладання той льбо іншай формы арганізацыі, пра тое, дзе ў Польшчы можна шукаць сродкі на свае праекты (ахвяраванні, крэдыты, гранты).

Акселератар ByWomen: што далей?
Вынікам чатырох дзён шчыльнай працы Акселератара сталі дапрацаваныя праектныя ідэі, з якімі прыехалі ўдзельніцы.
Цяпер яны маюць магчымасць скарыстацца бясплатнай ментарскай падтрымкай, каб увасобіць свае ідэі ў жыццё. Пры гэтым удзельніцы не толькі карыстаюцца падтрымкай экспертак, але і самі актыўна дапамагаюць адна адной!
Фінальным акордам першага набора Акселератара стане фінальнай сустрэча, папярэдне запланаваная на 22 лютага. У час сустрэчы адбудуцца прэзентацыя таго, што на той момант паспеюць зрабіць удзельніцы, а таксама абмеркаванне варыянтыў працягу супрацы.
А пакуль пачытайце водгукі нашых удзельніц:

Арганізатарам Акселератара з’яўляецца Міжнародны фонд развіцця адукацыі дарослых. Гэты праект здзяйсняецца пры падтрымцы Амбасады Канады ў Польшчы праз Канадскі фонд мясцовых ініцыятыў.