
Больш за дзесяць праектаў, якія ўжо распачаліся і яшчэ некалькі, што распачнуцца вось-вось, новыя веды і карысныя сувязі, шмат падтрымкі і пазітыўных эмоцый. На такой аптымістычнай ноце скончыўся першы ByWomen Accelerator, вынікі якога былі падведзеныя 22 лютага ў Варшаве.

Удзел у Акселератары бралі 20 беларускіх жанчын і дзяўчат, якія жывуць зараз у Польшчы. На першай сустрэчы, якая праходзіла 28 лістапада-1 снежня 2024 г., яны прэзентавалі ідэі праектаў, якія б хацелі рэалізаваць у сваіх супольнасцях, а затым “дашліфоўвалі” гэтыя ідэі з дапамогай дасведчаных ментарак.
На другім этапе ўсе ўдзельніцы Акселератара маглі скарыстацца індывідуальнай ментарскай падтрымкай па пытаннях канцэптуалізацыі сваіх праектаў, іх прасоўвання і манетызацыі. Разынкай гэтага этапу было тое, што ўдзельніцы карысталіся не толькі падтрымкай ментарак, але і актыўна дапамагалі адна адной планаваць і праводзіць праектныя мерапрыемствы.

Дадатковым элементам праекту сталі тры вэбінары на тэмы, якія былі запатрабаванымі ўдзельніцамі Акселератара. Праектная каманда вырашыла зрабіць гэтыя вэбінары адкрытымі і дзякуючы гэтаму карысныя веды пра тое, як стварыць свой CV і працаваць у LinkedIn, як манетызаваць свае паслугі праз Інстаграм і куды ўвогуле можна з выгодай інвеставаць грошы, змаглі атрымаць дадаткова яшчэ больш за 100 жанчын і дзяўчат!
Заключным акордам першага Акселератара стала фінальная сустрэча. На ёй удзельніцы распавядалі пра свае праекты, дзяліліся падрыхтаванымі адмыслова да сустрэчы падарункамі, абмяркоўвалі, што можна рабіць разам.

Прыемным бонусам для ўдзельніц стаў майстар-клас па публічных выступах, падрыхтаваны вядомай беларускай эксперткай Валянцінай Чэкан.

Кульмінацыяй сустрэчы стала атрыманне заслужаных сертыфікатаў.

Вось што кажуць пра карысць Акселератара некаторыя яго ўдзельніцы:
Новыя веды, падтрымка ментарак і ўдзельніц, прыязная атмасфера, псіхалагічны камфорт, матывацыя да дзеянняў, новыя знаёмствы.
Гражына Шалкевіч
Цалкам атмасфера і фармат мерапрыемства. Мы шмат працавалі, стамляліся, але гэта была прыемная стома. Таму што цёплая, беражлівая атмасфера дае сіл, натхняе, напаўняе. Вельмі карыснымі менавіта для майго праекту сталі ментарскія сесіі, я атрымала інфармацыю, якой мне не хапала і якую цяжка знайсці ў інтэрнэце. Але лекцыі таксама далі глебу для мыслення, пераасэнсоўвання некаторых тэм і падыходаў.
Анастасія Лосіч
Карысна было даведацца пра актыўных жанчын, якія нешта жадаюць зрабіць у Польшчы. Пабыць у камьюніці жанчын, шмат падтрымкі для сябе атрымала.
Ганна Палей
Па-першае, удалося выкрышталізаваць ідэю праекта: серыя трэнінгаў для жанчын, накіраваныя на працу над моўнымі кампетэнцыямі з тэхнікамі коучынгу для эфэктыўнай самапрэзентацыі ў прафесійным кантэксце. Па-другое, паставіць для сябе дэдлайны па стадыях выканання праекту і запланаваць канкрэтныя мерапрыемствы. Па-трэцяе, зрабіць паспяховую калабарацыю з адной з удзельніц і запусціць Business English Speaking Club.
Хрысціна Марачкіна
А вось прыклады праектаў, якія ўжо распрацавалі ўдзельніцы:
– “Супербеларусы” – цыкл відэаматэрыялаў пра знакавых асобаў беларускай культуры і адраджэння.
– “Бізнес-клуб для жанчын-прадпрымальніц у Польшчы”
– “Business English Speaking Club”.
– “PSY W DOMU”.
– “Прафесійная падтрымка мастакоў”.
– Праграма арт-рэтрытаў для жанчын-прадпрымальніц
– Кулінарны праект bakeup_story.
– Медыяпраект, накіраваны на захаванне здароўя беларускіх жанчын у эміграцыі – “28 дзён”.Р
– Праект “Час адпачынку” для маці з дзецьмі,якія маюць асаблівасці ў развіцці.
– «Belarusian Women Code”.
– Праект па папулярызацыі здаровага ладу жыцця «Дзікія матылі”.
– «Выжыць, але не жыць”.
-Праект па цялесна-псіхалагічнай практыцы “Каддл Паці”.
– Курс “Групавая дынаміка онлайн: асноўныя прынцыпы і “поўныя кішэні” інструментаў”.
– Сацыяльны праект “Маміна любоў”.
– Камерцыйны праект “Творчая лабараторыя”.
– Курс трэнінгаў для жанчын па падрыхтоўцы да кваліфікацыйнай размовы на англійскай мове.

Арганізатарам Акселератара з’яўляецца Міжнародны фонд развіцця адукацыі дарослых. Гэты праект здзяйсняўся пры падтрымцы Амбасады Канады ў Польшчы праз Канадскі фонд мясцовых ініцыятыў.