
Навучыцца планаваць і праводзіць заняткі па медыяпісьменнасці для людзей розных пакаленняў, скарыстацца гэтымі уменнямі для стварэння ўласных адукацыйных праграм. Усё гэта змогуць удзельнікі трэнінгу для трэнераў, які ладзіцца IFAE 14–16 траўня ў Варшаве.
Увага! Мы набіраем усяго шэсць удзельнікаў — не змарнуй свой шанец патрапіць на гэты ўнікальны трэнінг!
Навошта мы праводзім гэты трэнінг для трэнераў?
Гэты трэнінг з’яўляецца часткай праекта BonJour! Media Literacy for Elderly People, які мы ладзім разам з партнёрамі з Аўстрыі, Італіі, Партугаліі, Польшчы i Турцыі ў межах праграмы ERASMUS+.
Мэтай гэтай праграмы з’яўляецца развіццё медыякампетэнцый і крытычнага мыслення ў сталых людзей. Для гэтага мы ствараем электронную навучальную платформу, а таксама рыхтуем адукатараў, якія будуць навучаць сталых людзей ужо з гэтай восені.
Каго мы запрашаем на трэнінг для трэнераў?
Найперш — людзей, якія ўжо маюць досвед навучання асновам медыяпісьменнасці, а таксама людзей, якія маюць досвед навучання сталых людзей.
У цябе няма такога досведу, але ёсць вялікае жаданне паспрабаваць сябе ў гэтай сферы — таксама запаўняй заяўку!
Чаму ты навучышся на трэнінгу?
Найперш — зразумееш, што такое трэнінг і чаму гэтая форма навучання такая эфектыўная.
Ты навучышся ўлічваць асаблівасці навучання дарослых, вызначаць рэалістычныя мэты заняткаў і планаваць іх змест, абіраць метады навучання, ацэньваць яго эфектыўнасць.
Мы будзем трэніравацца ствараць і праводзіць заняткі, якія дапамогуць сталым людзям стаць больш медыяпісьменнымі: адрозніваць факты ад меркаванняў, заўважаць фэйкі і маніпуляцыі, шукаць і правяраць інфармацыю, карыстацца рознымі карыснымі сэрвісамі і г.д.
Як заявіцца?
Запоўні да 30 красавіка форму заяўкі па спасылцы ніжэй.
Да 5 траўня мы звяжамся з тымі, хто пройдзе адбор, і запросім на трэнінг.
Мы забяспечым удзельнікам трэнінгу пражыванне і харчаванне, а таксама кампенсуем выдаткі на праезд (толькі па тэрыторыі Польшчы).

Хто праводзіць трэнінг?
Лана і Вітаўт Руднікі — адукатары з амаль 30-гадовым досведам трэнерскай працы. Стваральнікі аўтарскай методыкі правядзення трэнінгаў для трэнераў, якая з поспехам выкарыстоўвалася для падрыхтоўкі розных трэнерскіх каманд у Беларусі, Літве, Польшчы, Узбекістане, Украіне. Стваральнікі славутых гарадзенскіх “Школы маладога журналіста”, “Універсітэту Залатога Веку”, а таксама цэлага шэрагу іншых адукацыйных праграм і праектаў. Сертыфікаваныя трэнеры ў галіне адукацыі дарослых і медыяадукацыі.
Праект “BonJour! Enhancing the Critical Media Literacy of the Elderly through Digital Education and Journalism” падтрыманы ў межах праграмы Erasmus+ INDIRE і рэалізуецца арганізацыяй EduVita (Італія) у партнёрстве з Fundacja Pro Scientia (Польшча), Nazilli Nazhayat (Турцыя), My Madeira Island (Партугалія), EBI (Аўстрыя), а таксама Міжнародным фондам развіцця адукацыі дарослых (IFAE).