
Больш за чатыры чалавекі на месца, кандыдаты з Беларусі, Польшчы, Украіны і Літвы, вядомыя журналісты, адукатары і грамадскія актывісты – так праходзіў конкурс на ўдзел у трэнінгу для трэнераў, які распачнецца 14 траўня ў Варшаве.
Гэты трэнінг з’яўляецца часткай праекта BonJour! Media Literacy for Elderly People, які мы ладзім разам з партнёрамі з Аўстрыі, Італіі, Партугаліі, Польшчы i Турцыі ў межах праграмы ERASMUS+.
Мэтай гэтай праграмы з’яўляецца развіццё медыякампетэнцый і крытычнага мыслення ў сталых людзей. Для гэтага мы ствараем электронную навучальную платформу, а таксама рыхтуем адукатараў, якія будуць навучаць сталых людзей ужо з гэтай восені.
У час трэнінга яго ўдзельнікі і ўдзельніцы будуць:
- разбірацца з рознымі аспектамі медыяпісьменнасці для сталых людзей
- знаёміцца са спецыфікай навучання дарослых
- планаваць мэты і змест заняткаў па медыяпісьменнасці
- абіраць метады навучання
- абмяркоўваць розныя трэнерскія «фішкі», якія робяць навучанне эфектыўным і камфортным
Трэнінг будуць весці Лана і Вітаўт Руднікі — адукатары з амаль 30-гадовым досведам трэнерскай працы, стваральнікі аўтарскай методыкі правядзення трэнінгаў для трэнераў, якая з поспехам выкарыстоўвалася для падрыхтоўкі розных трэнерскіх каманд у Беларусі, Літве, Польшчы, Узбекістане, Украіне.
Трэнінг для трэнераў з’яўляецца часткай праекта “BonJour! Enhancing the Critical Media Literacy of the Elderly through Digital Education and Journalism”, які падтрыманы ў межах праграмы Erasmus+ INDIRE і рэалізуецца арганізацыяй EduVita (Італія) у партнёрстве з Fundacja Pro Scientia (Польшча), Nazilli Nazhayat (Турцыя), My Madeira Island (Партугалія), EBI (Аўстрыя), а таксама Міжнародным фондам развіцця адукацыі дарослых (IFAE).