
Навучыць сталых людзей шукаць патрэбную ім інфармацыю, вызначаць яе праўдзівасць і распазнаваць фэйкі, ствараць уласны якасны кантэнт. Такія мэты мае трэнінг для сталых людзей з Аўстрыі, Італіі, Партугаліі, Польшчы і Турцыі, які адбудзецца 2-4 чэрвеня ў Вроцлаве.
Праграма сустрэчы, якая рыхтавалася з актыўным удзелам экспертаў IFAE, будзе складацца як навучальных сесій, так і з міжкультурнай часткі.
Удзельнікаў трэнінга чакаюць знаёмства з тым, што такое медыяпісьменнасць і якія кампетэнцыі патрэбныя медыяпісьменным сталым людзям, сесіі пра лічбавую бяспеку і фактчэкінг, заняткі па стварэнні медыякантэнта.
Праводзіць гэтыя заняткі будуць адукатары з названых вышэй краін, якія нядаўна былі падрыхтаваныя ў межах праекта “BonJour! Enhancing the Critical Media Literacy of the Elderly“.
Досвед правядзення гэтых заняткаў будзе выкарыстаны ўжо ў восень, калі ў кожнай краіне пройдуць нацыянальныя трэнінгі для сталых людзей.
Ну а ў Вроцлаве апроч заняткаў, удзельнікаў чакаюць таксама міжкультурная вечарына, дзе яны змогуць прадставіць сваю кухню і культуру. Гасцямі на гэтай сустрэчы будзе беларускі спеўна-танцавальны дуэт з Вроцлава. У праграме таксама будуць пазнавальныя вандроўкі па гораду і яго ваколіцах.
Праект “BonJour! Enhancing the Critical Media Literacy of the Elderly through Digital Education and Journalism” падтрыманы ў межах праграмы Erasmus+ INDIRE і рэалізуецца арганізацыяй EduVita (Італія) у партнёрстве з Fundacja Pro Scientia (Польшча), Nazilli Nazhayat (Турцыя), My Madeira Island (Партугалія), EBI (Аўстрыя), а таксама Міжнародным фондам развіцця адукацыі дарослых (IFAE).