Перайсці да змесціва

Беларускі Універсітэт Залатога Веку ў Польшчы: на сувязі Варшава!

Беларускі Універсітэт Залатога Веку ў Польшчы: на сувязі Варшава!

“Акрамя навукі вырошчвання чайнага грыба і прыгатавання паляндвіцы нам ёсць яшчэ чым падзяліцца” – адзін з самых арыгінальных адказаў, які прагучаў падчас спаткання па стварэнні Беларускага Універсітэту Залатога Веку ў Варшаве. Сустрэча прайшла 19 ліпеня і сабрала больш за 20 чалавек.

Сустрэча ў Варшаве была самай шматлюднай. Няглядзячы на раніцу выходнага дня і мітынгі (за мігрантаў і супраць іх).

Пасля таго, як арганізатары сустрэчы распавялі пра ідэю стварэння УЗВ, распачалася актыўная дыскусія пра патрэбы сталых беларусаў у вымушанай эміграцыі.

Як працаўладкавацца, на што існаваць, як знайсці месца ў новай супольнасці, як правільна аплаціць паслугі, як захаваць сваё фізічнае і псіхічнае здароўе, як засвоіць новыя кампетэнцыі – гэта толькі некаторыя з пытанняў, якія паўстаюць перад чалавекам, што апынуўся ў іншай краіне. Для сталага чалавека вырашэнне некаторых з такіх пытанняў сапраўны выклік і часта непасільная задача. 

Беларускі Універсітэт Залатога Веку ў Польшчы: на сувязі Варшава!

Таму удзельнікі сустрэчы не хавалі сваіх эмоцый і спадзеваў на тое, што УЗВ стане для іх пляцоўкай не толькі для развіцця, але і для атрымання падтрымкі.

– Мы вас чакалі! Даўно! Мы пачалі займацца дапамогай беларускім пенсіянерам , але нас мала і сілаў на ўсё не хапае. Нам пра вас распавядалі. Так добра, што вы пачынаеце! 

– Я ўстала ў 5 ранку, каб прыехаць у Варшаву і адчуць сябе сярод сваіх. Я такая шчаслівая, што я тут!

– Выдатна, што я сёння прыйшоў да сваіх! Тут так цёпла і ўтульна. Давайце дамовімся сустракацца рэгулярна! 

Удзельнікі сустрэчы таксама актыўна прапановалі сябе ў якасці выкладчыкаў УЗВ. У залі знайшліся тыя, хто гатовыя навучаць польскай, беларускай ды іншым мовам, праводзіць заняткі па медыяпісьменнасці і працы ў сацыяльных сетках, ладзіць інтэграцыйныя сустрэчы, прадстаўляць псіхалагічную падтрымку, дапамагаць з арыентацыяй у новай краіне, а хтосьці з захапленнем гатовы навучыць вырошчваць чайны грыб альбо граць на фартэпіяна!

Сустрэча паказала, што ўдзел у стварэнні пляцоўкі УЗВ у Варшаве гатовыя браць і іншыя мясцовыя арганізацыі, заснаваныя беларусамі. 

У жніўні пройдзе Акадэмія Лідэраў Залатога Веку, куды мы запросім самых актыўных удзельнікаў з Вроцлава, Беластока, Гданьска і Варшавы. Там яны змогуць развіць свае лідэрскія навыкі, пазнаёміцца з польскім досведам актывізацыі сталых людзей і распрацаваць канкрэтныя планы працы пляцовак УЗВ у сваіх гарадах. 

Беларускі Універсітэт Залатога Веку ў Польшчы: на сувязі Варшава!

Праект па стварэнні Беларускага Універсітэту Залатога Веку ў Польшчы дафінансаваны са сродкаў Polsko-Amerykańska Fundacja Wolności у межах праграмы “RITA – Przemiany w regionie”, якую рэалізуе Fundacja Edukacja dla Demokracji.

Дзякуй за падтрымку!

Пазнакі: