
Удзел у сустрэчы, якая пройдзе 20-22 жніўня, возьмуць актывісты і актывісткі з Беластока, Варшавы, Вроцлава і Гданьска. Менавіта ў гэтых гарадах ужо ўвосень могуць распачацца заняткі Беларускага УЗВ у Польшчы.
Удзельнікі сустрэчы абмяркуюць, як лепш каардынаваць працу і абмен інфармацыяй, як арганізаваць набор выкладчыкаў і студэнтаў, пазнаёмяцца з сусветным, беларускім і польскім досведам актывізацыі сталых людзей, патрэніруюць важныя лідэрскія кампетэнцыі.
Вынікам Акадэміі стануць папярэдныя планы працы пляцовак УЗВ у кожным з названых вышэй гарадоў.
Акадэміі папярэднічалі вывучэнне адукацыйных патрэбаў сталых беларусаў у Польшчы (удзел у анкетаванні ўзялі больш за 100 чалавек), а таксама правядзенне фокус-груп у Вроцлаве, Беластоку, Гданьску і Варшаве (удзел у іх узялі каля 50 патэнцыйных студэнтаў, выкладчыкаў і арганізатараў будучых пляцовак УЗВ у Польшчы).
Мэтай працы Універсітэту Залатога Веку з’яўляецца паляпшэнне якасці жыцця сталых беларусаў у Польшчы праз іх інтэлектуальную, фізічную і сацыяльную актывізацыю.
Ініцыятарамі стварэння УЗВ з’яўляюцца актывісты Міжнароднага фонда развіцця адукацыі дарослых, якія ў 2010 годзе былі заснавальнікамі першага беларускага Універсітэта для сталых людзей у Гродне.
У Польшчы такі Універсітэт будзе развівацца ў шчыльнай супрацы з мясцовымі беларускімі і польскімі арганізацыямі і ініцыятывамі.

Наш праект дафінансаваны са сродкаў Polsko-Amerykańskiej Fundacji Wolności у межах праграмы RITA – Przemiany w regionie, які рэалізуе Fundacja Edukacja dla Demokracji.
Дзякуй за падтрымку!