Перайсці да змесціва

Беларускі Універсітэт Залатога Веку ў Польшчы: на нізкім старце

Беларускі Універсітэт Залатога Веку ў Польшчы: на нізкім старце

Знаёміліся, дзяліліся марамі, зазіралі ў будучыню Універсітэту Залатога Веку, праходзілі выпрабаванне «багнай», знаёміліся з найлепшым польскім досведам. У Варшаве 20-22 жніўня адбылася Акадэмія лідэраў Беларускага Універсітэту Залатога Веку. На працягу трох дзён удзельнікі з Варшавы, Беластока, Вроцлава і Гданьска планавалі падрыхтоўку да працы УЗВ, якая мае распачацца ў студзені 2026 г.

Абмеркавалі “сусвет” УЗВ і пераходзілі “багну”

Пасля ўводзінаў у праграму Акадэміі і знаёмства, дзе ўдзельнікі распавядалі пра тое, што яны любяць, пра што мараць і што могуць рабіць, адбылося абмеркаванне бачання будучыні Беларускага Універсітэту Залатога Веку (УЗВ) у Польшчы.

Беларускі Універсітэт Залатога Веку ў Польшчы: на нізкім старце

Ініцыятары яго стварэння – Лана і Вітаўт Руднікі, падзяліліся тым, як, на іх думку, мог бы выглядаць УЗВ праз пяць год.

Ну а затым удзельнікаў Акадэміі чакала выпрабаванне, у час якога ім неабходна было выпрацаваць стратэгію перахода усёй камандай праз “багну”.

Беларускі Універсітэт Залатога Веку ў Польшчы: на нізкім старце

Задача была няпростай, але група паспяхова з ёй справілася! Гэтае практыкаванне дазволіла абмеркаваць ключавыя кампетэнцыі, якія напэўна спатрэбяцца арганізатарам пляцовак УЗВ у Польшчы. Гэта ўменне вызначаць мэты, планаваць дзейнасць, прымаць рашэнні, кіраваць канфліктамі, камунікаваць, дзяліцца сваімі ведамі і ўменнямі з іншымі людзьмі.

Планавалі запуск УЗВ і знаёміліся з польскім досведам

Другі дзень Акадэміі распачаўся з планавання ключавых этапаў падрыхтоўкі да старту УЗВ і абмеркавання структуры каардынацыі падрыхтоўчай працы.

Беларускі Універсітэт Залатога Веку ў Польшчы: на нізкім старце

Ужо ўвосень будзе абвешчаны набор выкладчыкаў для кожнай з будучых пляцовак Універсітэту. Пасля таго, як будуць узгодненыя змест і вынікі будучых заняткаў, а таксама папярэдні расклад – распачнецца першы набор студэнтаў. Імі стануць сталыя беларусы ва ўзросце 55+, якія маюць жаданне развівацца, камунікаваць з іншымі людзьмі, быць карыснымі грамадству.

Пачатак заняткаў Універсітэту запланаваны на сярэдзіну студзеня 2026 г.

На этапе падрыхтоўкі да заняткаў арганізатарамі абавязкова будзе улічаны лепшы польскі досвед актывізацыі сталых людзей. Менавіта таму важнай часткай праграмы Акадэміі былі сустрэчы з дасведчанымі польсікмі экспертамі.

Малгажата Станоўска, каардынатарка праграмы “Пакаленні ў дзеянні” (Towarzystwo Inicjatyw Twórczych „ę”) натхніла ўсіх прыкладамі цікавых праектаў сталых людзей з розных рэгіёнаў Польшчы.

Беларускі Універсітэт Залатога Веку ў Польшчы: на нізкім старце

Захаванне традыцый, дапамога людзям у бядзе, ратаванне навакольнага асяроддзя, дыялог паміж пакаленнямі – гэта толькі малы пералік тэматыкі праектаў, якія дэманстравалі аграмадны стваральны патэнцыял сталых людзей.

– Мы не актывізуем сталых людзей, мы падтрымліваем іх актыўнасць.

Малгажата Станоўска

На дамку спадарыні Малгажаты, поспех УЗВ і іншых падобных праектаў найперш залежыць ад таго, ці атрымаецца “патрапіць” у патрэбы будучых удзельнікаў. Таму вельмі важна добра ўяўляць, хто прыйдзе ва Універсітэт, у які узросце, з якімі інтарэсамі і г.д.

Другі госць – доктар Аляксандр Кабылярэк з Вроцлаўскага універсітэту, добра ведае кантэкст Беларускага УЗВ. Менавіта з навучальнага візіту ў 2010 годзе ў Вроцлаўскі універсітэт трэцяга веку, якім кіраваў тады Аляксандр Кабылярэк, распачалася гісторыя гарадзенскага УЗВ (заснаваны ў красавіку 2010 г.). А зараз доктар Кабялярэк дапамагае ставіць на ногі новую пляцоўку для сталых беларусаў!

Беларускі Універсітэт Залатога Веку ў Польшчы: на нізкім старце

У сваёй прэзентацыі ён распавёў пра тое, як паўставалі першыя ўніверсітэты ў Польшчы (іх зараз больш за 600!), якія ёсць мадэлі такіх Універсітэтаў у свеце, якія выклікі стаяць перад тымі, хто стварае такія пляцоўкі.

Асаблівую ўвагу эксперт надаў важнасці знаходжання баланса паміж адукацыяй і “культурніцкай часткай” ва Універсітэтах для сталых людзей, бо не сакрэт, што многія сталыя людзі прыходзяць не толькі дзеля навучання, але і дзеля камунікацыі з іншымі людзьмі, рэалізацыі сваіх захапленняў.

Аляксандр Кабылярэк таксама спрагназаваў, што ўсё большую ролю ў развіцці такіх Універсітэтаў будуць адыграваць міжнародныя і міжгенерацыйныя праекты, а таксама супрацоўніцтва з мясцовымі ўладамі для іншымі структурамі.

Што далей?

Заключная частка Акадэміі была прысвечаная дэталёваму планаванню падрыхтоўчай працы. Каманда з кожнага горада планавала, як будзе дапамагаць шукаць выкладчыкаў, у якіх памяшканнях можна бясплатна праводзіць заняткі, праз якія каналы запрашаць студэнтаў, як стварыць прываблівую для іх праграму, хто будзе адказваць за тыя альбо іншыя дзеянні.

Афіцыйна падрыхтоўка да адкрыцця УЗВ распачнецца ў сярэдзіне верасня з набору выкладчыкаў для пляцовак у Варшаве, Вроцлаве, Гданьску і Беластоку. Вы таксама можаце быць сярод першых выкладчыкаў і выкладчыц Беларускага УЗВ у Польшчы. Таму сачыце за нашымі абвесткамі тут і ў нашых сацыяльных сетках.

Беларускі Універсітэт Залатога Веку ў Польшчы: на нізкім старце
Беларускі Універсітэт Залатога Веку ў Польшчы: на нізкім старце

Акадэмія лідэраў Залатога Веку дафінансавана са сродкаў Polsko-Amerykańskiej Fundacji Wolności у межах праграмы RITA – Przemiany w regionie, які рэалізуе Fundacja Edukacja dla Demokracji.

Дзякуй за падтрымку!
Пазнакі: