
Вядомыя навукоўцы, музыкі, акторы, псіхолагі, эканамісты, спартоўцы, лекары, трэнеры нефармальнай адуцыі, журналісты ды іншыя цікавыя асобы – больш за 50 чалавек гатовыя быць выкладчыкамі Універсітэту для сталых людзей, які з пачатку 2026 года пачне працаваць у чатырох гарадах Польшчы.
Тэматыка заявак ад выкладчыкаў проста уражвае: гісторыя Беларусі і Польшчы, беларуская, польская, ангельская, італьянская мовы, краязнаўства, псіхалогія, пытанні легалізацыі і сацыялізацыі ў Польшчы, філатэлія, журналістыка, тэатр, скандынаўская хадзьба, анімацыя, маляванне, рукадзелле, кулінарыя, карыстанне смартфонамі, фота, відэа, бяспека ў інтэрнэце і шмат чаго іншага!

Заняткі УЗВ будуць праходзіць у Беластоку, Варшаве, Вроцлаве, Гданьску.
Вось як выглядае колькасць заявак па гэтых гарадах:

Некаторыя з прапанаваных заняткаў будуць адбывацца ў выглядзе аднаразовых лекцый (гасцёўняў, майстар-класаў і г.д.), а рэшта ў фармаце доўга- ці кароткатэрміновых курсаў.
А вось як тлумачаць сваю матывацыю працаваць ва УЗВ некаторыя будучыя выкладчыкі:
Я сама з’яўляюся пенсіянеркай, але маю чым падзяліцца і магу навучыць людзей майго ўзросту таму, што дорыць радасць і сэнс. Я ведаю, што нам цяпер сапраўды патрэбна — творчасць, зносіны і пачуццё супольнасці. У нас адзін культурны код, і праз мастацтва я хачу яго захаваць і перадаць. Хачу дзяліцца творчым вопытам і беларускімі традыцыямі з людзьмі майго пакалення, каб праз мастацтва і рукі вярнуць радасць, спакой і пачуццё значнасці.
Лічу гэта важнай і карыснай справай – перадаваць веды, навыкі і ўпэўненасць тым, хто жадае вучыцца незалежна ад узросту.
Хачу ўдзельнічаць у праграме УЗВ як выкладчык, бо веру, што адукацыя і дыялог дапамагаюць пераадольваць напружанне і канфлікты.
Мая мэта — дапамагчы людзям пажылога ўзросту, якія эмігравалі, не толькі засвоіць новыя веды, але і лепш асвоіцца ў новай краіне, каб яны адчувалі сябе больш упэўнена і камфортна.
Мне близка идея обучения на протяжении всей жизни. Я верю, что человек не теряет способность к развитию с возрастом, наоборот, обретает глубину, мудрость и способность видеть смысл в том, что раньше казалось обыденным.
Праграма УЗВ была часткай майго жыцця, па якой я вельмі сумую. Зноў хачу далучыцца да каманды прафесіяналаў, каб рабіць важную і карысную працу ў коле аднадумцаў.
Што будзе адбывацца далей?
У найбліжэйшыя дні каманда УЗВ зробіць адбор выкладчыкаў для кожнай з пляцовак. Затым адбудзецца анлайн сустрэча з тымі выкладчыкамі, якія атрымаюць запрашэнне працаваць у першым сезоне УЗВ (студзень-красавік, 2026).
Пасля гэтай сустрэчы выкладчыкі з дапамогай нашых ментараў створаць анонсы сваіх заняткаў.
Далей будзе створаны папярэдні расклад заняткаў і пачнецца набор студэнтаў.
У фінальны расклад заняткаў увойдуць заняткі тых курсаў, на якія запішуцца студэнты.
Чаму мы?
Ініцыятарамі стварэння Беларускага УЗВ у Польшчы з’яўляецца каманда Міжнароднага фонда развіцця адукацыі дарослых (ifae.live).
Мы больш за 15 год працавалі для развіцця першага беларускага “Універсітэту Залатога Веку” у Гародні. Мы ведаем, якімі прынцыпамі і каштоўнасцямі кіравацца, ведаем, як з нуля стварыць месца, якое будзе дапамагаць жыць актыўна і быць запатрабаванымі, ведаем, як пісьменна працаваць са сталымі людзьмі – каб ім было бяспечна, цікава і карысна.
Мы ведаем, як цяжка адаптавацца ў новай краіне, як складана здабыць сяброў і прыязнае атачэнне, як складана інтэгравацца ў розныя супольнасці. Мы хочам, каб у сталых беларусаў, якія перажываюць шмат стрэсу, з’явілася падтрымліваючае асяроддзе.
Менавіта таму мы хочам стварыць прыязныя для сталых людзей пляцоўкі ў Польшчы, дзе яны знойдуць увагу, цеплыню, новыя веды і спрыяльнае асяроддзе.
Мы ніколі не працавалі фармальна. Мы вельмі адказна ставімся да тых людзей, якіх мы падбіраем у каманду. Мы робім нашыя праграмы з вялікай любоўю і адказнасцю да людзей, якія да нас прыходзяць.
Мы маем добрых мясцовых і міжнародных партнёраў, разам з якімі ўжо зараз робім цікавыя і карысныя праекты для сталых людзей і не толькі.

Што мы ўжо зрабілі для станаўлення УЗВ у Польшчы?
Дзякуючы дафінансаванню Polsko-Amerykańskiej Fundacji Wolności у межах праграмы RITA – Przemiany w regionie, якую рэалізуе Fundacja Edukacja dla Demokracji, мы правялі даследаванне адукацыйных патрэбаў сталых беларусаў у Польшчы, правялі сустрэчы са сталымі людзьмі і патэнцыйнымі адукатарамі ў Беластоку, Варшаве, Вроцлаве і Гданьску.
У жніўні актывісты ініцыятыўных груп з гэтых гарадоў сабраліся на Акадэмію лідэраў УЗВ, дзе знаёміліся з польскім досведам, планавалі розныя аспекты арганізацыі працы УЗВ.