
Патрэбы аўдыторыі і прынцыпы журналістыкі, навіны і пошук тэмаў ды крыніц інфармацыі, інструманты візуалізацыі, практыка ў мабілаграфіі і хітрыкі штучнага інтэлекту – такой насычаная была праграма базавага курса Школы, які праходзіў 11-14 лістапада ў Варшаве.
Удзел у Школе бяруць 14 чалавек рознага ўзросту з розных гарадоў Польшчы і нават з Нямеччыны. Сярод іх як людзі з досведам, якія хацелі б “вярнуцца ў прафесію”, так і тыя, хто робіць першыя крокі ў журналістыцы.
Навучанне ў Школе журналістыкі IFAE традыцыйна адбываецца праз досвед. Гэта азначае, што ў час навучання абмяркоўваюцца важныя тэарэтычныя пытанні (да прыкладу, навучэнцы самі фармулявалі прынцыпы працы беларускіх журналістаў) і трэніруюцца практычныя ўменні (напісанне навінаў, складанне загалоўкаў, выкарыстанне розных сервісаў візуалізацыі, здымка на тэлефон, стварэнне промтаў для штучнага інтэлекта і г.д.).
Я шмат чаго адкрыла для сябе новага і ўчора ўжо пачала карыстацца.
Удзельніца Школы

У гэтым навучэнцам дапамагала каманда дасведчаных экспертаў ў складзе Вітаўта і Ланы Руднікаў, Алены Кавальчук, Васіля Ядчанкі і Лолы Бурыевай.
Курс вельмі карысны. Шмат цікавага. Закранутыя важныя тэмы, якія цяпер цікавяць амаль усіх(ші, прылады для змены фота і відэа).
Удзельніца курса
Цяпер навучэнцы Школы на два месяцы ідуць на анлайн-стажыроўку ў рэдакцыі трох беларускіх медыя, дзе будуць знаёміцца з рэдакцыйнай кухняй і пісаць свае матэрыялы пад кіраўніцтвам рэдактароў-ментараў.
У час стажыроўкі хачу пабачыць, зразумець, як працуе рэдакцыя. Прынцыпы, падыходы, атмасфера. І самой папрактыкавацца ў напісанні тэкстаў, атрымаць фідбэк ад прафесіяналаў.
Удзельніца курса
У хуткім часе таксама будзе арганізаваны цыкл анлайн-заняткаў па найбольш запатрабаваных навучэнцамі Школы тэмах. Далучыцца да заняткаў змогуць усе ахвотныя, хто хоча развіваць свае медыя-кампетэнцыі.
Гэта ўжо трэці “польскі” і 29 па ліку набор Школы журналістыкі.
Выпускнікі Школы сёння працуюць у розных беларускіх і польскіх медыя, перамагаюць у прэстыжных журналісцкіх конкурсах.