
Гэта быў незвычайны сезон! Упершыню ў гісторыі нашыя заняткі праходзілі на стыку двух гадоў (пачаліся ў лістападзе 2025 г. і скончыліся ў лютым 2026 г.). Упершыню ў нас было ажно 30 заняткаў. Гісторыя і культура Беларусі, беларуская мова, здароўе і сучасныя тэхналогіі – гэта далёка не поўны пералік самых папулярных сёлета тэмаў.

А яшчэ мы вельмі ўдзячныя за цёплыя водгукі, якія атрымлівалі пасля заняткаў.
Шаноўныя арганізатары і выкладчыкі Віртуальнага Універсітэта! Вялікі Дзякуй за вашую працу!Заняткі сталі для мяне сапраўдным перадкалядным падарункам. Дзякую, што ўкладаеце свае сілы і час, рыхтуеце якасныя матэрыялы і шчодра дзеліцеся бескаштоўнымі ведамі і навыкамі. Я ўпершыню “паўнацэнна” прайшла курсы вашых заняткаў, і вельмі радуюся гэтаму. Трапіла на лекцыі пра Караткевіча і пра гісторыю, на заняткі фатаграфіі і беларускай мовы. Паўдзельнічала ў коўчынгавай практыцы і ў такой карыснай сустрэчы з касметолагам. Вось колькі ўсяго!
Вельмі цікавая лекцыя. Вялікі дзякуй лектарцы, якая здолела зацікавіць складанай тэмай і паказаць яе з новага, жывога боку, распавядаючы пра лёс людзей, закранутых гэтымі падзеямі. Прэзентацыя была нагляднай і добра падтрымлівала аповед.
Курс “Культура памяці пра Халакост”
Дзякуй! Цікава, пазнавальна, прыязная атмасферна, дынамічная падача. Як мінімум, дазналася некалькі новых слоў, зафіксавала для сябе правільные адказы там, дзе вагалася ці памылялася. Дзякуй за нявымушанасць і мноства цікавых фактаў!
Курс “Жывая мова”
Вельмі патрэбная тэма, якасныя цікавыя заняткі, лёгка і прыемна слухаецца, запамінаецца. Карысныя парады, дзякуй!
Курс “Новая энэргія пасля 40+”
Дзейнасць Віртуальнага Універсітэта падтрымліваецца Міжнародным фондам развіцця адукацыі дарослых (IFAE).