
Папрактыкавацца ствараць кароткія журналісцкія фарматы, разабрацца з тым, што найбольш “садзіць на каня” і скласці пратаколы бяспекі, абмеркаваць, ці прафесійныя стандарты надалей застаюцца арыентырам для журналістаў. А яшчэ перайсці праз багну і ўзяць удзел у КінаАкадэміі. Такую магчымасць мелі ўдзельнікі МедыяДжэма – традыцыйнай адукацыйна-інтэграцыйнай сустрэчы, арганізаванай Міжнародным фондам развіцця адукацыі дарослых (IFAE).

Удзел у сустрэчы бралі выпускнікі Школы журналістыкі і розных анлайн курсаў, арганізаваных фондам на працягу апошніх двух гадоў.
Мы імкнемся не толькі дапамагаць атрымліваць карысныя веды і ўменні, але і набываць новыя кантакты і знаёмствы, разбудоўваць сацыяльны капітал удзельнікаў і ўдзельніц нашых праграм.
Так патлумачыла ідэю МедыяДжэма старшыня праўлення фонда Лана Руднік.

Таму першы дзень мерапрыемства быў амаль цалкам прысвечаны знаёмству і інтэграцыі. Удзельнікі шукалі, што іх аб’ядноўвае, распрацоўвалі стратэгію пераходу праз “багну”, каб захаваць як мага больш “жыццяў”.

Ну а ўвечары адбылася КінаАкадэмія, дзе тры каманды-“кінастудыі” прэзентавалі кароткія сцэны з трох вядомых кінастужак, абыграючы пры гэтым тэму журналістыкі і медыяпісьменнасці.
Як і ў сапраўднай КінаАкадэміі, тут былі і Гран-пры, і найлепшыя жаночая ды мужчынская ролі, а таксама некалькі іншых намінацый. Але галоўнай узнагародай для ўсіх сталі добры настрой ды атмасфера неверагоднай творчасці.

Другі дзень імпрэзы распачаўся з пагружэння ў кароткія фарматы ў медыя. Што гэта такое, навошта іх ствараць, інструманты мантажу для рылсаў, шортсаў і г.д. Разам з эксперткай Алінай Лугоўскай удзельнікі знаёміліся не толькі з “базай”, але і з вазнымі нюансамі, якія дапамагаюць захапіць увагу, зрабіць змест прываблівым і зразумелым.

На сэсіях з Алай Шарко ўдзельнікі разбіраліся з тым, як зберагчы сваю псіхічнае здароўе ва ўмовах татальнага стрэсу.

Што “садзіць на каня”, а што дапамагае збалансаваць сябе? Што абавязкова трэба і не трэба рабіць у крызісных сітуацыях? Як нават з правалаў навучыцца выносіць карысныя ўрокі? Як адзначаць потым многія ўдзельнікі, пошук адказаў на гэтыя пытанні дапамог ім знайсці для сябе новыя кропкі апоры ў складаных сітуацыях.

Разынкай МедыяДжэма стала дыскусія пра журналісцкія стандарты, арганізаваная Віктарам Малішэўскім.

Абмеркаванне базавалася на рэальных кейсах з беларускіх і замежных медыя і закранала шмат этычных і прафесійных момантаў. Што горш: распаўсюдзіць неправераную інфармацыю альбо прамаўчаць? ЦІ заўсёды дакладная інфармацыя – гэта праўдзівая інфармацыя? Як зразумець, што медыя маніпулюе лічбамі і фактамі? Якія словы-маркеры з высокай верагоднасцю дапамогуць выявіць гэтую маніпуляцыю? Усе гэтыя пытанні абмяркоўваліся жыва і актыўна, бо многія ўдзельнікі самі ўжо не раз траплялі ў няпростыя сітуацыі.

Галоўным лейтматывам гэтага блоку стала выснова, што адпавядаць на 100% усім прафесійным стандартам сёння надзвычай складана, але да гэтага варта імкнуцца.

У час падсумавання вынікаў МедыяДжэма ўдзельнікі дзяліліся тым, што іх найбольш “зачапіла”:
Канечне, было шмат карысных ведаў, але я ехала найперш за натхненнем і атрымала яго напоўніцу!
Столькі цікавых людзей! Можна было пагрэцца аб іх, натхніцца імі!
Я не вельмі камунікабельная асоба, але тут была такая неверагодная атмасфера, што я нагаварылася з людзьмі на доўгі час наперад.
Дзякуй за інтэграцыйныя практыкаванні! Столькі талентаў праявілася! І я сама змагла пераадолець свой страх і раскрыцца.
Гэта ўжо другі МедыяДжэм, арганізаваны IFAE. Наступны папярэдне плануецца на другую палову 2027 г.