Перайсці да змесціва

IFAE распачынае новы праект па адукацыі дарослых

IFAE распачынае новы праект па адукацыі дарослых

Узмацніць патэнцыял беларускіх адукатараў і стварыць сучасныя адукацыйныя праграмы для беларусаў сталага ўзросту – такая ідэя ляжыць у новага праекта, які будзе доўжыцца да канца лета 2027 г. пры падтрымцы Еўрапейскага звязу.

Цэнтральным элементам праекта стане Школа адукатараў, якая пройдзе 21–24 лістапада 2026 года ў Варшаве. Удзел у ёй возьмуць 16 беларускіх адукатараў і трэнераў, якія жывуць у краінах ЕС і працуюць або плануюць працаваць з людзьмі ва ўзросце 55+.

Праграма Школы будзе прысвечана андрагогіцы, метадалогіі распрацоўкі і правядзення анлайн-, афлайн- і змяшаных курсаў для дарослых, кампетэнцыям, якія неабходныя адукатарам, падрыхтоўцы навучальных матэрыялаў у фармаце мікранавучання.

Асноўная ўвага будзе нададзена праграмам у сферы актыўнага грамадзянства, медыйнай, інфармацыйнай, моўнай, лічбавай, грамадзянскай і фінансавай пісьменнасці.

Падчас Школы ўдзельнікі пачнуць распрацоўку ўласных адукацыйных праграм і планаў асобных заняткаў.

Пасля сустрэчы ў Варшаве праца над праграмамі працягнецца пры падтрымцы ментараў, якія дапамогуць удакладніць структуру і змест праграмы і падрыхтаваць яе да практычнага выкарыстання.

Наступным этапам стане апрабацыя распрацаваных курсаў. Пілотныя заняткі будуць праводзіцца на пляцоўках Беларускага Універсітэта Залатога Веку ў Варшаве, Гданьску, Беластоку і Уроцлаве, а таксама анлайн на платформе Віртуальнага ўніверсітэта.

Пасля пілотнага этапу выпускнікі, ментары і эксперты сустрэнуцца на двухдзённым варкшопе, каб прааналізаваць вынікі, абмеркаваць цяжкасці і абмяняцца практычным досведам.

Па выніках сумеснай працы будуць падрыхтаваныя восем адукацыйных праграм і 32 інтэрактыўныя заняткі, адаптаваныя да фармату мікранавучання. Усе матэрыялы будуць апублікаваныя ў адкрытым доступе на сайце IFAE.

Завершыць праект двухдзённая сустрэча Lifelong Learning Open Space, якая збярэ выпускнікоў Школы, прадстаўнікоў беларускіх адукацыйных арганізацый і экспертаў у галіне адукацыі дарослых. Сустрэча стане пляцоўкай для прэзентацыі вынікаў праекта, абмеркавання шляхоў мультыплікацыі гэтых вынікаў, а таксама перспектываў супрацоўніцтва паміж правайдэрамі адукацыі дарослых.

Набор удзельнікаў праекта распачнецца ўжо ў канцы верасня. Сачыце за абвесткамі на нашым сайце і на нашых пляцоўках у сацыяльных сетках.

IFAE распачынае новы праект па адукацыі дарослых