Перайсці да змесціва

Распачаты набор студэнтаў Беларускага Універсітэту Залатога Веку ў Польшчы

Распачаты набор студэнтаў Беларускага Універсітэту Залатога Веку ў Польшчы

Універсітэт Залатога Веку – гэта праграма для сталых беларусаў у Польшчы. Тут мы вучымся, сустракаемся са “сваімі” і знаёмімся з новымі людзьмі, дапамагаем самі сабе і іншым, умацоўваючы супольнасць сталых беларусаў.

У гэтым сезоне Універсітэт Залатога Веку працягне працаваць у Варшаве, Беластоку, Гданьску і Уроцлаве. А яшчэ ў нас дадаліся анлайн курсы, да якіх можна далучыцца з любога месца!

Вы і вашыя блізкія таксама могуць стаць яго студэнтамі!

Запіс студэнтаў ужо распачаты!

Клікніце ніжэй на свой горад альбо на гузік Анлайн і абярыце курсы, якія вам найбольш падабаюцца.

УЗВ · Мапа пляцовак
Набор на сезон 2026/2027

Клікні на свой горад і запішыся на курсы УЗВ

    У канцы верасня-пачатку кастрычніка мясцовыя каманды правядуць у кожным горадзе прэзентацыі УЗВ, а таксама будуць дапамагаць будучым студэнтам запісацца на цікавыя для іх курсы.

    Адкрыццё новага сезону УЗВ папярэдне плануецца ў перыяд з 15 да 17 кастрычніка.

    Гэтым разам навучальны сезон будзе доўжыцца два поўныя семестры і завершыцца 16 красавіка 2027 г.

    Мы будзем удзячныя, калі вы падзеліцеся гэтай абвесткай са сваімі сябрамі, знаёмымі і блізкімі ва ўзросце 55+, перадрукуеце ў сваіх сацыяльных сетках.

    Будзем таксама ўдзячныя, калі падтрымаеце нас ахвяраваннямі!

    Вы можаце ахвяраваць адвольную суму.

    Ахвяраваныя вамі 10, 20, 50 ці 100 злотых могуць пайсці на аплату:

    • гадзіны працы каардынатаркі, якая дамаўляецца пра памяшканне ці расклад;
    • матэрыялаў для заняткаў;
    • новай ініцыятывы ўдзельнікаў (дабрачыннай акцыі, выставы і г.д.).

    А яшчэ вашыя ахвяраванні даюць адчуванне, што тое, што мы робім – патрэбна не толькі нам, што сталыя беларусы ў эміграцыі – не забытыя і не пакінутыя беларусамі іншых пакаленняў.

    Беларускі Універсітэт Залатога Веку (УЗВ) – гэта адукацыйна-інтэграцыйная праграма для сталых беларусаў, якія жывуць зараз у Польшчы. Праграма створаная сябрамі Міжнароднага фонда развіцця адукацыі дарослых (зарэгістраваны ў Варшаве вясной 2023 г.), якія раней з 2010 г. развівалі Гарадзенскі Універсітэт Залатога Веку і дапамагалі ствараць падобныя пляцоўкі для сталых людзей у іншых гарадах Беларусі.

    Са студзеня 2026 г. УЗВ працуе ў Беластоку, Варшаве, Гданьску і Уроцлаве. Выпускнікамі першага набору Універсітэта вясной 2026 г. сталі больш за сто чалавек.