Як можа выглядаць візуальны код паспяховых медыя, якія мэты могуць мець фотаздымкі, адкуль браць натхненне для фотаздымкаў і відэа, як варта і не варта апрацоўваць матэрыял ды як заявіць пра свае скілы патэнцыяльным кліентам – менавіта гэтыя і шмат якія іншыя пытанні ўздымаліся на курсе “Візуальны стыль: здымай як профі”.
Курс праводзіла Таццяна Капітонава — медыйная фатографка, якая працавала для такіх выданняў як 34mag, 34travel, Citydog і Большой.
Падчас заняткаў Таццяна распавядала шмат прафесійных і жыццёвых момантаў, якія будуць вельмі карыснымі ў будаванні кар’еры ў візуальнай частцы працы ў медыя.
Удзельнікі курса не толькі рабілі хатнія заданні, але і самі стваралі кантэнт, натхніўшыся матэрыяламі заняткаў.
Вось так студэнты каментуюць вынікі курса:
“Гэта быў вельмі цікавы і карысны досьвед. А таксама асобная падзяка спадарыні Тацьцяне за цікавыя кейсы і крытыку хатніх заданьняў.”
“ Курс даў матывацыю, а добрае чалавечае стаўленне выкладчыка дало імпульс рухацца наперад.”
“З вельмі карыснага: падчас курса куды лепш зразумела сутнасць праектнага падыходу, калі праца робіцца комплексна з усёй шырынёй разумення візуальнага стылю (ад шрыфтоў да фота). Гэта нібыта і так было зразумела, але Таццяна паказала вельмі наглядна на першых занятках.“
Наступны набор на гэты курс плануецца ў пачатку 2024 г.
Сачыце за абвесткамі на нашым сайце і на нашых старонках у сацыяльных сетках.